СУ́РАЖСКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 16—18 ст. у г. Сураж Віцебскага пав. (цяпер гар. пасёлак у Віцебскім р-не). Пабудаваны з дрэва ў сутоках рэк Каспля і Зах. Дзвіна ў 1563 паводле загаду вял. кн. ВКЛ і караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта II Аўгуста. У ходзе ваен. падзей 17—18 ст. замак зведаў неаднаразовыя разбурэнні; у 1616 і 1633 спалены рас. войскамі, але праз некат. час зноў адноўлены. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 С.з. здадзены 2.9.1656 царскаму войску. На «Чертеже» (1701), зробленым стольнікам Пятра I М.​Цызыровым, зафіксаваны абарончыя сцены С.з. без вежаў і 2 масты цераз роў; замак паказаны ў плане як круглы. Пасля 1772 С.з. перастаў існаваць.

т. 15, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)